Гродна

11 мая 2019
З усіх абласцей Беларусі Гарадзеншчына вызначаецца найбольш значнай горадабудаўнічай спадчынай, а яе цэнтр істотным чынам вылучаецца сярод іншых гарадоў. На жаль, і тут у розныя гістарычныя перыяды адбывалася страта духоўных і матэрыяльных якасцей гарадскога асяроддзя. Першаасновай Горадні быў дзядзінец, пабудаваны ў канцы XI ст. на ўзгорку вышынёй больш за 32 м пры ўпадзенні ў Нёман ракі Гараднічанкі.У XII-XIII стст. горад, з'яўляючыся сталіцай удзельнага княства, уключаў замак, прылеглыя да яго гандлёва-рамесныя пасады і Барысаглебскі манастыр на суседнім з захаду ўзгорку.

Відаць, побач з замкам на ўчастку плато паміж дзвюма рэкамі сфармавалася гандлёвая плошча. Да першых вядомых культавых будынкаў адносілася саборная так званая Ніжняя царква XII ст. у замку, Прачысценская царква XII ст. на тэрыторыі пасада, царква Барысаглебскага манастыра XII ст. Замкавыя ўмацаванні складаліся з драўляных сцен і вежаў; з усходняга боку размясцілася найбольш высокая, круглая ў плане мураваная вежа XIII ст. - данжон, тыповая для абарончай архітэктуры гэтага часу.
У XIII-XIV стст. Горадня неаднаразова падвяргалася нападу крыжакоў. З 1376 г. гэты буйны гандлёвы цэнтр, другі па значэнні пасля Вільні, знаходзіўся ва ўладанні князя Вітаўта. У той перыяд старажытная крэпасць перабудоўваецца ў гатычны Верхні замак. Дамінуючае абарончае і кампазіцыйнае значэнне ў сістэме крапаспых вежаў, відаць, увенчаных конусападобнымі завяршэннямі, захавала круглая вежа XIII ст. Асвойваецца тэрыторыя бліжэйшага ўзвышша, дзе для размяшчэння княжацкай світы і ваеннага гарнізона будуецца Ніжні замак, злучаны з Верхнім пад'ёмным мостам.
У адрозненне ад многіх іншых паселішчаў Горадня не мела вонкавай лініі абарончых збудаванняў, у чым яна набліжалася да заходнеэўрапейскіх гарадоў, дзе асноўным элементам умацаванняў былі невялікія па тэрыторыі замкі феадалаў. Відавочна, сістэму абароны горада ўзмацнялі фарпосты - мураваныя цэрквы-крэпасці, якія ўзводзіліся на лепшых у горадабудаўнічых адносінах участках. На канец XIII - пачатак XIV ст. прыпадае першае ўпамінанне пра існаванне прадмесцяў уздоўж вуліц, якія пераходзілі ў асноўныя гандлёвыя шляхі.
Дакументальныя звесткі пра планіроўку Горадні змяшчаюцца ў грамаце Вітаўта 1389 г. У ёй адзначаны рынак, Замкавая вуліца, якая вяла да яго ад замкавага моста, а таксама вуліца, што праходзіла ад Замкавай да Падола. Упамянуты ўчастак фарнага касцёла з могілкамі, праваслаўная Прачысценская царква, сінагога над ярам уздоўж ракі Гараднічанкі. У цэлым гарадская забудова атрымала развіццё ў усходнім, паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім напрамках, канцэнтравалася на плато паміж Нёманам і Гараднічанкай.
На падставе гістарычных дакументаў - «Увалочнага вымярэння г. Гродны» 1560 г., гравюры, якая паказвае панараму забудовы ў 1568-1572 гг., больш позніх планаў XVIII ст. - можна ўявіць планіроўку горада ў сярэдзіне XVI ст. Асноўныя магістралі праходзілі ў мерыдыянальным і шыротным напрамках. Планіровачная структура большай часткі горада была няправільная радыяльна-дугавая, якая склалася, напэўна, яшчэ ў перыяд Полацкай Русі. Да Верхняга і Ніжняга замкаў сыходзіліся некалькі радыяльных напрамкаў, асноўны з якіх, Замкавая вуліца з яе працягам - Азёрскай, пераходзіў у дарогу ва ўсходнім накірунку. Радыяльныя вуліцы выходзілі на старажытнейшую гандлёвую плошчу перад крэпасцю, якая ў XVI ст. ужо не існавала. У планіроўцы вылучаліся таксама дугавыя напрамкі, што перасякалі горад ад Нёмана да Гараднічанкі. У цэлым нерэгулярная планіровачная сетка характарызавалася няправільнымі абрысамі кварталаў, больш дробных у цэнтральнай частцы горада, ламанымі і крывалінейнымі вуліцамі. Ва ўсходнім раёне напэўна ў XV - першай палове XVI ст. сфармавалася некалькі рэгулярных напрамкаў, якія перасякаліся пад прамым вуглом. Асобную планіроўку меў Падол - раўнінная тэрыторыя ля падножжа прыбярэжных узгоркаў. Некалькі паралельных вуліц цягнуліся ўздоўж Нёмана. Паміж сабой і з берагам ракі яны злучаліся кароткімі папярочнымі адрэзкамі. Такая вулічная сетка сустракалася таксама ў горадабудаўніцтве іншых народаў і ўяўляла сабой прыбярэжную радавую сістэму планіроўкі.
Назвы многіх вуліц паказвалі на прафесійную прыналежнасць жыхароў: Златарская - вуліца ювеліраў, Рэзніцкая - мяснікоў, Гарбарская - гарбароў і інш. Такім чынам, існавалі ўчасткі горада, вылучаныя па сацыяльных і прафесійных адзнаках, што абумоўлена цэхавай арганізацыяй рамеснай вытворчасці.
Важнай асаблівасцю разглядаемага перыяду было перамяшчэнне грамадскага цэнтра горада на ўсход ад замкаў. Ім становіцца новая гандлёвая плошча на перакрыжаванні асноўных магістраляў, якая мела кампазіцыю замкнёнага характару. Амаль квадратная канфігурацыя плошчы сфармавалася, відаць, у XV ст. пад уплывам горадабудаўнічай культуры гоцікі і рэнесансу. Асаблівасць планіроўкі плошчы ў тым, што гандлёвая магістраль Варшава - Вільня перасякала яе не ў сярэдзіне, а праходзіла ў вуглах. Падобная трасіроўка вуліц, распаўсюджаная ў сярэдневяковых гарадах Эўропы, забяспечвала свабодны транзітны рух праз плошчу міма рынка.
Плошча звязвалася з замкам крывалінейнай вуліцай Замкавай - характэрным для многіх гарадоў планіровачным элементам, які злучаў гандлёвы цэнтр з феадальнай рэзідэнцыяй. Да асноўных будынкаў плошчы адносіліся драўляны прыходскі касцёл («фара Вітаўта»), на месцы якога ў XVI ст. узведзены мураваны, ратуша, пабудаваная пасля атрымання горадам у 1469 г. магдэбургскага права, мураваная парафіяльная Сімяонаўская царква, гандлёвыя рады, карчма. Ратуша мела шмат'ярусную вежу з гадзіннікам - галоўную вертыкаль у сілуэце горада.
У паўночнай частцы Горадні існавала таксама квадратная плошча малых памераў - так званы Нямецкі рынак, які ў другой палове XVI ст. ужо прыйшоў у заняпад. Выказваецца меркаванне, што гэта быў рынак калоніі прусаў, паколькі памежная Горадня мела разнастайны склад насельніцтва. Вядома, напрыклад, што ў 1392 г. князь Вітаўт дазволіў крыжакам пабудаваць у Занямонні замак Новая Горадня, які, аднак, ён у тым жа годзе разбурыў.
У першай палове XVI ст. на месцы руінаў Ніжняга замка пабудаваны вялікі каралеўскі палац. Сярод будынкаў на замкавым узвышшы, якія ўваходзілі ў палацавы комплекс, знаходзілася Васкрэсная царква XII-XIII стст. Пасля, у 1613 г., яна згарэла і пабудавана нанова на тэрыторыі горада.
Асноўныя культавыя будынкі займалі вяршыні прыбярэжных узгоркаў, броўкі плато, вузлавыя месцы планіровачнай структуры і служылі вышыннымі элементамі прасторавай кампазіцыі горада. Многія храмы размяшчаліся ў завяршэнні відавых перспектыў вуліц, што абумоўлівалася функцыянальнымі і эстэтычнымі патрабаваннямі і на працягу стагоддзяў з'яўлялася горадабудаўнічай традыцыяй. У XVI ст. акрамя памянёных культавых будынкаў існавалі цэрквы: Прачысценская, перабудаваная з храма XII ст., Малая Каложская на вуліцы Замкавай, Барысаглебская, Святога Крыжа на Падоле, Троіцкая (1511) на Нямецкім рынку, Мікалаеўская на паўночнай ускраіне, а таксама касцёл Святога Духа (1553) па Віленскай вуліцы і сінагога паблізу замка.
У Занёманскай, найбольш позняй частцы Горадні, фармуецца новы рынак, добра звязаны з воднай камунікацыяй. Гандлёвая плошча атрымала тыповую форму простакутніка, да вуглоў якога падыходзілі вуліцы. Паблізу, насупраць замкаў існаваў звярынец з сажалкамі, элемент дастаткова пашыраны ў гарадах і рэзідэнцыях магнатаў XV-XVI стст. Абедзве часткі горада злучаліся мостам цераз Нёман на ражавых апорах і з уезнай вежай. Развіццё планіроўкі і забудовы суправаджалася павышэннем узроўню гарадскога добраўпарадкавання. Вуліцы былі забрукаваны, у 1541 г. зроблены водаправод.
У 80-ых гг. XVI ст. пры каралю Стэфану Баторыю Стары замак карэнным чынам перабудоўваецца ў стылі рэнесансу. У XVII ст. будуюцца альбо перабудоўваюцца манументальныя культавыя комплексы, якія належалі розным ордэнам. Яны займалі важнейшыя ў горадабудаўнічых адносінах участкі, маючы як абароннае, так і кампазіцыйнае значэнне.
У 1602-1618 гг. на месцы былых каралеўскіх стайняў узведзены касцёл бернардзінцаў, а ў 1621-1651 гг. насупраць яго на суседнім узгорку - кляштар бернардзінак. Да 1630-ых гг. адносіцца будаўніцтва дамініканскага кляштара на Віленскай вуліцы (пасля жылы корпус перабудаваны ў стылі класіцызму, касцёл разбураны ў 1874 г.), да 1634-1642 гг. - узвядзенне брыгіцкага кляштара на вуліцы Азёрскай. У 1635 г. у Занёманскім прадмесці закладзены францысканскі кляштар (перабудаваны ў XVIII ст.). Да першай паловы XVII ст. адносіцца таксама будаўніцтва новай мураванай сінагогі на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1617 г. Адным з найбольш буйных і адметных у архітэктурна-мастацкіх адносінах збудаванняў стаў касцёл езуіцкага калегіума на галоўнай плошчы (1678-1700 гг., дабудаваны ў 1750-1752 гг.), узведзены на месцы, дзе ў XVI ст. стаяла Сімяонаўская царква.
У 1673 г. на Падоле паўстаў драўляны кармеліцкі касцёл, у 1738-1765 гг. - мураваны кармеліцкі на суседнім участку (згарэў у 1904 г.). Да 1729 г. адносіцца закладка невялікага кляштара баніфратэраў. У 1720-1751 гг. па праекце архітэктара І.Фантана на месцы згарэлага Прачысцінскага манастыра пабудаваны вуніяцкі базыльянскі манастыр з царквою Раства Багародзіцы (дабудаваны ў XIX ст.).
У XVII ст. будуюцца гарадскія палацы - Радзівіла, уключаны ў ансамбль галоўнай плошчы. Сапегі - на Азёрскай, Пухальскага - на Дзям'янаўскай вуліцах, Агінскага - на беразе Нёмана. У XVIII ст. пабудаваны палац Масальскага на Замкавай вуліцы.
Планіроўку Горадні канца XVIII ст. ілюструе фіксацыйны план 1795 г. Яе фармаванне на працягу стагоддзяў характарызавалася пераемнасцю асноўных асаблівасцей, якія склаліся на больш ранніх гістарычных этапах. Уздоўж асноўнай планіровачнай восі, якая праходзіць па водападзеле, сканцэнтраваўся шэраг вышынных збудаванняў - фарны, езуіцкі, брыгіцкі касцёлы. У мінулым уздоўж гэтай восі знаходзіліся таксама Малая Каложская царква і ратуша. Другую планіровачную вось - вуліцы Маставую і Віленскую адзначалі мужчынскі і жаночы бернардзінскія, кармеліцкія, фарны, дамініканскі і Святадухаўскі касцёлы. Як упаміналася, на скрыжаванні восяў размяшчалася галоўная гарадская плошча.
Другая палова XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца перыядам найвышэйшага развіцця кампазіцыйнай сістэмы архітэктурных дамінантаў. Іх значная колькасць, асаблівасці месц змяшчэння ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры абумовілі высокія эстэтычныя якасці горадабудаўнічай кампазіцыі. У гэты перыяд, як і ў іншых вялікіх гарадах, культавыя комплексы падзяляліся на тры групы па сваім значэнні ў прасторы горада. Да першай групы адносіліся бернардзінскі і езуіцкі кляштары і фарны касцёл. Па сваёй тэрыторыі вылучаўся езуіцкі кляштар, які займаў квартал і ўключаў касцёл, вучэбныя карпусы калегіума, бібліятэку, аптэку, жылыя і гаспадарчыя будынкі.
Найлепшым чынам дамінанты першай групы ўспрымаліся з перыферыйных і прыгарадных тэрыторый на левым беразе Нёмана і на захад ад Гараднічанкі. З унутраных гарадскіх прастораў, з вуліц і плошчаў збудаванні гэтай групы аглядаліся амаль усебакова.
Для вышынных збудаванняў другой групы (францысканскі, брыгіцкі, жаночы бернардзінскі, кармеліцкі, дамініканскі, базыльянскі кляштары) характэрны меншая вышыня і памеры храмаў у плане, 'маштаб жылых і падсобных пабудоў. Брыгіцкі і дамініканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліц, базыльянскі - змяшчаўся ўнутры квартала. Візуальнае ўспрыняцце некаторых дамінантаў было больш абмежаванае ў параўнанні з комплексамі першай групы, хоць яны таксама актыўна фармавалі сілуэт горада пры аглядзе з розных напрамкаў.
Да вышынных будынкаў трэцяй групы адносіліся Барысаглебская царква, манастыры Святога Духа і баніфратараў, сінагога і кірха, пабудаваная на Гарадніцы ў другой палове XVIII ст. Гэтыя аб'екты, параўнальна невялікага маштабу, размяшчаліся ў розных горадабудаўнічых умовах - з магчымасцю кругавога агляду (Барысаглебская царква), у забудове вуліцы (манастыр Святога Духа), унутры квартала (сінагога, баніфратарскі касцёл), у завяршэнні перспектывы кароткай вуліцы (кірха).
Манастырскія комплексы XVII-XVIII стст. мелі агульныя, традыцыйныя рысы кампазіцыі. Культавы будынак - галоўнае збудаванне комплексу, заўсёды знаходзіўся на перыферыі займаемай ім тэрыторыі, выходзячы фасадамі на вуліцы альбо плошчу і набываючы тым самым максімальную для дадзенага месца і матэрыяльных магчымасцей манаскага ордэна ролю ў структуры горада. Прынцыпы размяшчэння жылых і гаспадарчых карпусоў можна падзяліць на замкнёны, калі будынкі фармавалі закрыты ўнутраны двор (простакутны, з выразнай прасторавай арганізацыяй альбо больш складаны з маляўнічай групоўкай прастораў) і паўзамкнёны, які вызначаўся адкрытым усярэдзіну квартала дваром і разнастайнай растаноўкай карпусоў.
Дамінанты фармавалі прыродныя прасторы далін рэк. Уздоўж правага берага Нёмана склаўся шэраг кампазіцыйна звязаных асноўных збудаванняў: Барысаглебская царква - Верхні замак - Ніжні замак - базыльянскі манастыр - кляштар бернардзінак - кармеліцкі кляштар - кляштар бернардзінцаў. Францысканскі кляштар на левым беразе і страчаныя да гэтага часу будынкі - стары кармеліцкі кляштар і царква
Святога Крыжа таксама падпарадкоўваліся гэтай заканамернасці. Адначасова Барысаглебская царква, Верхні замак і сінагога абрамлялі прыродную прастору даліны Гараднічанкі.
У XVIII ст. у параўнанні з папярэднім часам сілуэт Горадні ўзбагаціўся за кошт ускладнення архітэктурных аб'ёмаў, павелічэння колькасці вежаў і вышыні культавых збудаванняў, што вызначала «вертыкалізм» сілуэта. Для Горадні, як і многіх іншых гарадоў, у розныя перыяды была ўласцівая галоўная, найбольш высокая дамінанта. У XVI ст. ёю служыла ратуша, у XVII ст. - фарны касцёл. У XVIII ст. галоўнай вертыкаллю становіцца перабудаваная ў формах віленскага барока званіца бернардзінскага касцёла. Шмат'ярусная званіца спалучалася з выразным шчытом галоўнага фасада касцёла, правобразам якога з'яўлялася царква Іль Джэзу ў Рыме, пабудаваная ў 1568-1584 гг. выдатнымі італьянскімі дойлідамі Дж.Віньёла і Дж.Порта.
У сілуэце горада прасочваліся разнастайныя вышынныя ўзроўні забудовы. Апрача падзелу дамінантаў па вышыні на тры групы і наяўнасці галоўнай вертыкалі, існавалі таксама буйнамаштабныя манастырскія карпусы і гарадскія палацы, як правіла, у два паверхі з высокім дахам. Самы нізкі ўзровень складала асноўная маса жылой забудовы.
У 1760-1780-ых гг. па ініцыятыве міністра фінансаў А.Тызенгаўза на паўночнай ускраіне горада, на месцы вёскі Гарадніцы, ствараецца прамыслова-культурны цэнтр, што з'явілася буйнейшым горадабудаўнічым мерапрыемствам. Тут арганізаваліся шаўковая, суконная, адзежная, карэтная, ружэйная, фарбавальная і іншыя мануфактуры, дзе працавала каля 150 чалавек. У забудову ўвайшлі 85 будынкаў рознага прызначэння: палацы Тызенгаўза, адміністратара і віцэ-адміністратара, тэатр, музычная і медыцынская школы, гасцініцы, шынкі, манеж са стайнямі, жылыя дамы і іншыя пабудовы. Планіроўка раёна фармавалася з асобных рэгулярна спланаваных груп забудовы, аб'яднаных адзінай задумай. Да іх адносіліся: адміністрацыйна-гаспадарчая, якая прымыкала да плошчы перад палацам Тызенгаўза; вучэбна-навуковая з медыцынскай школай і батанічным садам; мануфактурна-вытворчая ў выглядзе кампактнага ўтварэння вакол квадратнай замкнёнай плошчы. Усе тры групы забудовы змяшчаліся ўздоўж вуліцы Раскоша, якая звязвала комплекс са старой часткай горада.
Батанічны сад на Гарадніцы меў простакутную планіроўку алей. Тут раслі каштоўныя пароды дрэў - бразільская сасна, воцатнае дрэва, манчжурскі і грэцкі арэхі. Ландшафт раёна ўзбагачаўся сажалкамі на рацэ Гараднічанцы.
Часткова захаваным да нашага часу ансамблем, важным элементам цэнтра горада з'яўляецца сістэма дзвюх плошчаў адміністрацыйна-гаспадарчай групы забудовы. Яна служыць адметным узорам горадабудаўнічага вырашэння пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Планіроўка ансамбля была задумана сіметрычнай адносна працяглай падоўжнай восі. Больш вялікая па памерах Палацавая плошча (сучасная пл. Леніна) мела складаную канфігурацыю з авальнымі бакамі і фармавалася галоўным элементам ансамбля - П-падобным у плане палацам Тызенгаўза, крывалінейным корпусам музычнай школы, так званай «Крывой афіцынай», простакутным у плане будынкам віцэ-адміністратара і аналагічным корпусам насупраць яго. Ансамбль не атрымаў закончанасці - музычная школа не была кампазіцыйна ўраўнаважана сіметрычнай крывалінейнай пабудовай.
Палацавая плошча злучалася мостам цераз Гараднічанку з простакутнай плошчай перад палацам адміністратара, карпусы якога фармавалі курданёр з галоўным будынкам па восі сіметрыі ансамбля. Такім чынам, працяглую відавую перспектыву з аднаго боку завяршаў палац Тызенгаўза з выразнай вежачкай па цэнтры фасада, з другога - галоўны корпус палаца адміністратара. Своеасаблівасць ансамблю надавала ўключэнне ландшафта Гараднічанкі ў адзіную кампазіцыю дзвюх плошчаў.
У 1795 г. Горадня ўвайшла ў склад Расейскай імперыі, з 1801 г. - стала цэнтрам губерні. У ёй не праводзілася рэгулярная перапланіроўка, што ў многім тлумачылася вялікай доляй капітальнай забудовы. Сярод асноўных пабудоў гэтага перыяду - арганічна ўключаныя ў ансамбль галоўнай плошчы гандлёвыя рады з ратушай, якія ўяўлялі сабой аднапавярховы простакутны ў плане будынак з унутраным дваром. Па цэнтры супрацьлеглых фасадаў размяшчаліся невялікія аб'ёмы ратушы, упрыгожаныя шасцікалоннымі порцікамі дарычнага ордэра.
У другой палове XIX і пачатку XX ст. у Горадні, як і іншых буйных гарадах, бурнае развіццё атрымала прамысловасць, пачала дзейнічаць чыгунка. Значна вырасла насельніцтва, павялічылася тэрыторыя забудовы.
Аднак планіровачныя мерапрыемствы гэтага перыяду не ўнеслі карэнных пераўтварэнняў. Пры захаванні былой вулічнай сеткі на вялікіх участках сфармавалася новая капітальная забудова, якая ў асноўным засталася да нашага часу і добра характарызуе горадабудаванне дадзенага перыяду. Атрымала развіццё гарадское азеляненне, створаны новыя і пашыраны старыя сады і скверы грамадскага карыстання з геаметрычна правільнай сістэмай алей.
Узмацнілася значэнне галоўнай магістралі, вуліц Дамініканскай і Раскоша, што вяла да новага элемента гарадскога грамадскага цэнтра - чыгуначнага вакзала, пабудаванага ў 1862 г. У адпаведнасці з праектам планіроўкі Горадні 1874 г. на магістралі будаваліся толькі мураваныя дамы. Пасля ўзвядзення ў 1909 г. металічнага моста цераз Нёман па трасе Маставой вуліцы галоўная магістраль набыла значэнне планіровачнага дыяметра Горадні.
Адбылося далейшае развіццё сістэмы вышынных будынкаў. Яна дапоўнілася Аляксандраўскай царквою, пастаўленай на плошчы перад былым палацам Тызенгаўза, Пакроўскай уарквою пачатку XX ст., лютэранскай царквою, пабудаванай на месцы кірхі канца XVIII ст., агляднай пажарнай вежай паблізу Старога замка. Характэрна прытрымліванне горадабудаўнічай традыцыі - Пакроўская і лютэранская цэрквы размяшчаліся ў завяршэнні кароткай вуліцы, якая іх злучала. Яны стварылі своеасаблівую кампазіцыю з дзвюх дамінантаў, якія знаходзіліся насупраць і кожная з іх успрымалася ў аднолькавых умовах з любога пункту вуліцы.
Сярод іншых важных збудаванняў другой паловы XIX і пачатку XX ст. трэба назваць тытунёвую фабрыку (1862), півавараны завод (1877), воданапорныя вежы, акруговы суд (1884 г., дабудаваны ў 1910 г.), жаночую гімназію (1893), Уладзімірскую царкву (1896), Народны дом (1904), рэальнае вучылішча (1907), сялянскі зямельны банк (1913), жылыя дамы ўрача (1911) і купца Мураўёва (1914). Кварталы масавай жылой забудовы фармавалі па перыметры суцэльны фронт будынкаў. Нерэгулярная сетка вуліц, крывалінейныя альбо ламаныя напрамкі вызначалі разнастайныя ўмовы ўспрыняцця забудовы. Дамы, што прымыкалі адзін да аднаго, спалучаліся з размяшчэннем пабудоў з невялікімі прамежкамі, якія пазбаўлялі магістраль замкнёнасці, звязвалі ўнутраныя прасторы двароў з вуліцай.
У 1920-1930-ых гг. быў узведзены шэраг грамадскіх і жылых будынкаў, сярод якіх варта адзначыць банк (1934), афіцэрскі клуб на сучаснай вуліцы Ажэшкі. У паўночнай частцы цэнтральнага раёна сфармавалася катэджная забудова. Вялікая ўвага ўдзялялася добраўпарадкаванню тэрыторыі - на многіх вуліцах тратуары і праезныя часткі замошчаны бетоннымі плітамі.
У перыяд Другой сусветнай вайны пацярпела, галоўным чынам, гарадское асяроддзе ўздоўж вуліц Маставой і Крупскай. Разбурана шэсць-сем кварталаў з сярэдневяковай структурай вуліц, пацярпеў былы жаночы бернардзінскі манастыр. На галоўнай плошчы страчаны ратуша з гандлёвымі радамі і палац Радзівілаў, часткова зруйнавана забудова заходняга боку. У Занямонні пры бамбёжцы разбурана драўляная сінагога XVIII ст.
У пачатку 1960-ых гг. без якой-небудзь горадабудаўнічай неабходнасці быў знесены выдатны помнік архітэктуры XVI - пачатку XX ст., адна з асноўных дамінантаў гарадской панарамы - фарны касцёл на плошчы. У 1960-ых гг. знік таксама касцёл бернардзінак. Як і ў іншых гарадах, гэтыя злачынныя з сучаснага пункту гледжання дзеянні з'явіліся вынікам усеагульнага ідэалагічнага падыходу, што дэклараваўся ў краіне, праводзімай палітыкі барацьбы з рэлігіяй. У гэты ж перыяд падпалі пад знос аднапавярховыя жылыя дамы па вуліцы Замкавай, у тым ліку будынак XVIII ст. з ляпным цэхавым знакам рыбы на адной з лапатак фасада.
У многіх выпадках у забудове 1960-1980-ых гг. у старой частцы горада і на прылеглых да яе тэрыторыях адсутнічала пераемнасць гісторыкагорадабудаўнічых традыцый і ўнікальных асаблівасцей Горадні. Гэтую тэндэнцыю мэтазгодна прасачыць, у прыватнасці, на недастатковым уліку заканамернасцей развіцця грамадскага цэнтра горада (зоны канцэнтрацыі грамадскіх функцый). Разгледзім дынаміку яго фармавання з XII да сярэдзіны XX ст.
У XII-XIII стст. цэнтр ахоплівае Верхні замак і гандлёвую плошчу з культавымі будынкамі, якая, верагодна, склалася ля яго сцен з боку прыступу, паміж ім і прылеглым пасадам. Такі кампактны, вузлавы характар цэнтра ў XIV- XV стст. пераўтвараецца ў лінейна-вузлавы: па-першае, узбуйняецца старажытная частка цэнтра будаўніцтвам каля дзядзінца Ніжняга замка, які атрымлівае грамадскую функцыю, а па-другое, фармуецца новы готыка-рэнесансны цэнтр у выглядзе простакутнай рыначнай плошчы з касцёлам, злучаны са старажытнай часткай галоўнай вуліцай.
Асноўная вось захад-усход, якая пры гэтым намецілася, у XVI ст. дапаўняецца папярочнай воссю поўнач-поўдзень, арганізаванай новымі культавымі комплексамі і гандлёвымі плошчамі. Яны звязваюцца паміж сабой камунікацыямі, уздоўж якіх размяшчаецца жыллё заможных гараджан. На перакрыжаванні восяў далейшае развіццё атрымлівае комплекс галоўнай рыначнай плошчы. Ад асноўных восяў разыходзяцца іх адгалінаванні. Відаць, у гэты перыяд канчаткова дэградуе роля старажытнай плошчы каля замкаў як аднаго з гандлёвых падцэнтраў. Такім чынам, для XVI ст. тыповы пераход лінейна-вузлавой структуры цэнтра ў разгалінавана-вузлавую з зараджэннем характэрнай для Горадні тыпалагічнай асаблівасці - дзвюх асноўных структурных восяў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом.
Развіццё разгалінавана-вузлавой структуры ў XVII - першай палове XVIII ст. выявілася ў павелічэнні яе маштабу, тэрытарыяльным працягу восі захад - усход, узбуйненні вузлоў. Пры гэтым характэрна, у параўнанні з эпохай Адраджэння, адміранне некаторых гандлёвых падцэнтраў, напрыклад Нямецкага рынку, або ператварэнне іх у культавыя комплексы (размяшчэнне францысканскага кляштара на тэрыторыі рыначнай плошчы ў Занямонні).
У другой палове XVIII - пачатку XIX ст., у адрозненне ад папярэдняга перыяду, шыротная вось кансервуецца, а моцнае развіццё набывае мерыдыянальная вось з далейшым ростам яе адгалінаванняў. Якасна новая ўласцівасць гэтага этапу - дапаўненне разгалінавана-вузлавой структуры занальнымі элементамі, зліццё асобных вузлоў у грамадскія тэрыторыі. Гэтая якасць стала дамінуючай у канцы XIX - пачатку XX ст., аднак разгалінавана-вузлавы прынцып утварэння структуры грамадскага цэнтра захоўваецца. У гэты перыяд узнікае таксама другая шыротная вось аднабаковай арыентацыі, якая арганічна пачынаецца з месца злому мерыдыянальнай восі.
Такім чынам схема эвалюцыі цэнтра Горадні ўкладваецца ў часавую паслядоўнасць: вузлавы, лінейна-вузлавы, разгалінавана-вузлавы, занальнаразгалінавана-вузлавы цэнтр. Вызначальнай тыпалагічнай адзнакай структуры цэнтра з'яўляліся дзве ўзаемна перпендыкулярныя восі, сфармаваныя грамадскімі комплексамі, з галоўным ансамблем горада ў месцы іх перасячэння. У развіцці цэнтра існавала ўстойлівая аб'ектыўная тэндэнцыя паэтапнага тэрытарыяльнага пашырэння.
Гэтая асаблівасць, аднак, не атрымала паўнацэннага пераемнага развіцця ў далейшым. Паказальным прыкладам таму можа служыць арганізацыя новага адміністрацыйнага цэнтра ў раёне плошчы Леніна (былой Палацавай), размяшчэнне буйных, функцыянальна ёмістых аб'ектаў на тэрыторыі гістарычнага ансамбля. Неабгрунтаванае горадабудаўнічае рашэнне прывяло да ўзвядзення паблізу, на вуліцы Савецкай, шматпавярховага будынка аблвыканкама, які не адпавядаў маштабнасці старой забудовы, парушыў сілуэт гістарычнага раёна. Пры гэтым існавалі праектныя прапановы па будаўніцтву новага адміністрацыйна-грамадскага комплексу на невялікім аддаленні ад гістарычнага раёна, на паўночны захад ад яго за ракой Гараднічанкай, што садзейнічала б арганічнаму працягу шматвяковага працэсу тэрытарыяльнага развіцця структуры ансамбляў цэнтра Горадні. Аднак у выніку памылковых дзеянняў фармаванне цэнтра пайшло па горшым шляху, які знізіў культурныя якасці і выдатнасці аблічча горада.
Размяшчэнне будынка аблвыканкама без неабходных з функцыянальна-планіровачнага пункту гледжання падстаў з'явілася пачаткам іншых суб'ектыўных дзеянняў - прыбудовы да яго з павелічэннем даўжыні шматпавярховага корпуса, зносу перад ім старога квартала па вуліцы Сацыялістычнай. Негатыўны эфект атрымаўся пры расшырэнні плошчы Леніна за кошт знішчэння ўчастка гістарычна каштоўнага ландшафта ўздоўж
Гараднічанкі, будаўніцтва двух адміністрацыйных будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ. Тым самым у разглядаемай зоне адбылася карэнная змена планіровачнай і кампазіцыйна-прасторавай структуры архітэктурнага ансамбля Гарадніцы XVIII ст., прадстаўленай на гэтым участку сістэмай дзвюх плошчаў перад палацам Тызенгаўза і будынкам адміністратара, а таксама гістарычным ландшафтам каля былога батанічнага сада.
Наступным крокам стаў знос аднаго з гістарычных будынкаў, якія фармавалі парадную прастору Палацавай плошчы перад рэзідэнцыяй Тызенгаўза (палац разбураны ў гады першай сусветнай вайны). Відавочна, што для лагічнага завяршэння пампезнай ідэі, задуманай у свой час не без удзелу кіруючых партыйных органаў, неабходна знесці капітальны пяціпавярховы жылы дом 1960-ых гг. па вуліцы Савецкай, што раскрые да новай плошчы фасад будынка аблвыканкама. Функцыянальны эфект усіх пералічаных пераўтварэнняў вельмі нязначны, невысокія і архітэктурна-мастацкія якасці будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ.
На суседняй вуліцы Ажэшкі, якая ўваходзіла ў ансамбль Гарадніцы, у пасляваенныя дзесяцігоддзі было разбурана некалькі тыпавых жылых дамоў рамеснікаў, якія ў XVIII ст. фармавалі цэласны, адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі ансамбль вуліцы. Першапачаткова іх налічвалася 20, да цяперашняга часу захаваўся толькі адзін.
Нямала прыкладаў сучаснага будаўніцтва, якое парушае традыцыйнае аблічча гарадскога асяроддзя. Новая прыбудова да ўнівермага па сваім аб'ёмна-прасторавым рашэнні і апрацовачных матэрыялах не адпавядае характару гістарычнай забудовы вуліцы Савецкай. Будынак драматычнага тэатра на важнейшым у горадабудаўнічых адносінах участку на месцы разбуранага кляштара бернардзінак у цэлым мае развітае і своеасаблівае аб'ёмна-пластычнае рашэнне, аднак вызначаецца схематызмам, самадастатковым і абыякавым да рознахарактарнага гістарычнага наваколля абліччам. З сучасных пазіцый для ўзбагачэння культуралагічнага зместу цэнтра горада на гэтым месцы больш правільна было б узнавіць комплекс жаночага бернардзінскага кляштара з яго выкарыстаннем па аптымальным сучасным прызначэнні. Для будынка тэатра трэба было знайсці іншае, важнае ў структурна-планіровачных адносінах месца ў горадзе. Відавыя напрамкі на гістарычны цэнтр з боку вуліцы Горкага перакрыты сучаснымі шматпавярховымі аб'ёмамі будынкаў вылічальнага цэнтра і тыповай паліклінікі на вуліцы Лермантава.
Трэба адзначыць, што параўнанне планаў Горадні розных гістарычных перыядаў з сучаснай сітуацыяй сведчыць аб высокай ступені захаванасці планіровачнай структуры і элементаў прасторавай кампазіцыі. Акрамя таго, аналіз плана дазваляе прасачыць тэрыторыі, розныя па часе асваення і ўтварэння асноў вулічнай сеткі. Участак паміж Нёманам і Гараднічанкай у межах вуліц Крупскай, К.Цэткін і Пасіянарыі мае элементы сярэдневяковай радыяльна-дугавой схемы XI- XIV стст. На поўнач і ўсход ад яго ў межах вуліц Энгельса, Кірава, Чапаева, Маладзёжнай і Камсамольскай сетка вуліц склалася пад уплывам горадабудаўнічай культуры готыкі і рэнесансу XV-XVI стст. і вызначаецца вялікімі памерамі і правільнай канфігурацыяй былой рыначнай плошчы, больш буйнымі кварталамі і працяглымі вуліцамі. Тэрыторыя далей на ўсход, абмежаваная вуліцамі Паўлоўскага і Чапаева, а таксама Гарадніцы была асвоена ў XVII-XVIII стст. Многія напрамкі сфармаваліся ў XIX - пачатку XX ст. і вызначаюцца рэгулярным характарам, элементамі простакутнай схемы ў паўночнай частцы гістарычнага раёна. У цэлым планіроўка, сістэма забудовы розных эпох, ад XII ст. да 1930-ых гг., прасторавая кампазіцыя гістарычнага раёна патрабуюць у далейшым максімальнага захавання, аднаўлення і творчага развіцця ў працэсе рэканструкцыі горада.

Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии

Информация о фирме

Туристическая фирма "Мерцана" - интересные и познавательные экскурсии по Беларуси

  • Tel: +375 29 788 40 14
  • Email: mercana.travel@gmail.com
  • viber, whatsapp, telegram: +375 29 788 40 14

Отзывы клиентов на главной

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…