Гісторыя хрысціянства ў храмах Беларускага Палесся

Прапанаваны маршрут пройдзе праз найпрыгажэйшыя месцы беларускага Палесся, праз населеныя пункты: Кобрын – Сігневічы – Бяроза – Сялец – Пружаны –Кобрын, праз храмы якіх можна прасачыць гісторыю хрысціянства. Пачатак гэтага веравызнання на беларускіх землях звязана з вадохрышчам Русі кіеўскім князем Уладзімірам (978-1015), які атрымаў за гэта тытул Святога. 

Летапісы распавядаюць, што ў 988 г. Уладзімір перавёў у хрысціянскую веру кіян і пачаў пашыраць хрысціянства ў падуладных яму землях. Прыход новай веры ў Тураў, залежны ў той час ад Кіева, адбыўся драматычна: там і дагэтуль жыве паданне пра каменныя крыжы, што прыплылі з Кіева і афарбавалі Прыпяць крывёю. Прыняцце хрысціянства ў Полацкім княстве адбылося мірным шляхам. Узнікненне хрысціянства ў Беларусі прывяло да будаўніцтва культавых будынкаў – цэркваў (храмаў), у якіх людзі маліліся Богу, прасілі ў яго абароны ад ворага, праводзілі набажэнствы падчас шматлікіх царкоўных святаў.
Першапачаткова храмы будаваліся з дрэва. Першыя майстры-будаўнікі запрашаліся з Візантыі і будавалі храмы па візантыйскім традыцыі (крыжова-купальныя храмы).
У XIV -XVI стст. вялікае значэнне ў Беларусі набывае абароннае будаўніцтва, якое праявілася ў цэрквах-крэпасцях. Злучэнне традыцый будаўніцтва будынкаў абароннага характару з уплывам візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў спрыяла стварэнню своеасаблівага архітэктурнага стылю пры будаўніцтве храмаў.
У крыніцах XIII -XVI стст. не захавалася звестак пра дакладную колькасць цэркваў у Беларусі. Большасць храмаў знаходзілася, як правіла, у гарадах, вёсках і мястэчках. У перыяд сярэднявечча храмы з'яўляліся не толькі культавымі будынкамі, але і выконвалі ў значнай ступені асветніцкія і культурныя функцыі.
Апроч цэркваў у XIII – XVI стст. у Беларусі разгарнулася будаўніцтва манастыроў. Да сярэдзіны XVI ст. было заснавана звыш 40 новых праваслаўных манастыроў. Большасць з іх былі невялікімі з малой колькасцю духавенства. Некаторыя манастыры, што знаходзіліся пад асобай апекай мітрапаліта і асобных феадалаў, ператварыліся ў буйных землеўладальнікаў.
У 1386 г. Вялікі князь Ягайла прыняў каталіцтва. Праз год у каталіцтва было ахрышчана паганскае насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Ягайла выдаў прывілей, які даваў баярству дадатковыя вольнасці і правы пры ўмове прыняцця каталіцкай веры. З таго часу на беларускіх землях сталі будавацца касцёлы і каталіцкія кляштары. Ягайла імкнуўся зрабіць каталіцкую веру дзяржаўнай, што выклікала пратэст ў праваслаўных. Частка беларускай арыстакратыі перайшла ў каталіцтва.
Манастыр Спаскі праваслаўны, 1497 г. Кобрын

altСпаскі манастыр быў заснаваны апошнім кобрынскім князем Янам Сямёнавічам у 1497 г. У пачатку XVI у. манастыр меў цагляныя жылы і службовы корпусы, якія на працягу XVII-XVIII стст. неаднаразова перабудоўваліся. Захавалася жылая частка, якая цяпер выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.
Па ініцыятыве каралевы Боны ў 1549 г. шляхціц Сямён Ясковіч Прышыхвосцкі правёў рэвізію Кобрынскага манастыра. Акрамя розных рэчаў культу, абразоў, пісаных па залатым фоне, з падвескамі каштоўных камянёў, на царкоўных хорах яшчэ знаходзілася бібліятэка з рэдкімі кнігамі. Пасля заключэння ў 1596 г. Брэсцкай царкоўнай вуніі манастыр стаў важнай апорай уніяцтва ў ВкЛ. У 1626 г. у ім праходзіў сабор найвышэйшага уніяцкага святарства. Да канца XVII ст. да Кобрынскай архімандрыі адышлі былыя праваслаўныя манастыры ў Лепясах і Хадынічах. Уніяцкія манахі ва ўсіх сваіх уладаннях будавалі цэрквы, якія называлі «манастыркамі».
Не мінулі манастыр і бедствы, якія выпалі на лёс горада (захоп войскамі Б. Хмяльніцкага, паўстанне польскага войска, захоп шведамі), у час якіх абіцель неаднаразова рабавалі і руйнавалі.
Ужо ў складзе Расійскай імперыі ў 1812 г. у час Кобрынскага бою агароджа манастыра была ператворана ў рэдут, а старажытная манастырская драўляная царква знішчана пажарам. Пасля гэтага царква была ўладкавана ў мураваным двухпавярховым будынку з манаскіх келляў.
Пасля скасавання вуніі ў 1839 г. манастыр быў закрыты, а ў яго будынках размясцілася духоўнае вучылішча, якое было ліквідавана пасля спусташальнага пажару ў другой палове XIX ст. Некалькі дзесяцігоддзяў безгаспадарчая цагляная каробка з'яўлялася прыстанкам для бяздомных. Толькі ў 1920-я гг. ўцалелы галоўны корпус манастыра быў капітальна адрамантаваны польскімі ўладамі. У час рамонту была праведзена перапланіроўка, пасля чаго цалкам зніклі рэшткі ўнутранага храма. У ходзе работ у сутарэннях будынка былі знойдзены рэшткі пахаванняў кобрынскіх князёў і замураваныя касцякі ў ланцугах.
Пасля рамонту ў будынку размясціўся павятовы суд, дзе праходзілі палітычныя працэсы над членамі КПЗБ.
У 2009 г. будынак быў перададзены праваслаўнай царкве. У ім зараз размешчаны жаночы манастыр.
Касцёл Панны Марыі, 1795 г., Сігневічы

altКасцёл у Сігневічах пабудаваны ў 1785 г. Юзафам і Марыяй Прозарамі. Гэта прадстаўнікі шляхецкага роду ўласнага герба ў Вялікім княстве Літоўскім, які паходзіў з літоўскіх баяраў і ў ХVIII ст. нават прэтэндаваў на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Прозараўскіх. Юзаф Прозар нарадзіўся ў 1723 г. ў Бобціне, што ў Жамойці. За сваё жыццё ён зрабіў паспяховую вайсковую кар'еру. Акрамя таго ён быў паслом на сеймах 1758, 1764 гг. У Сігневічах пабудаваў касцёл, шпіталь і школу.
Уласнае імя Багародзіцы — Марыя — узыходзіць праз грэч. да габрэйскага асабістага імя Marya-m, — «гарката, абурэнне або супраціў», але таксама «спадарыня» або «надзея». Навукоўцы не выключаюць, што імя паходзіць ад кораня MRH, што значыць «быць гладкім», а ў пераасэнсаванні — «моцная», «выдатная».
Да трох гадоў Марыя жыла разам са сваімі бацькамі. Паданне гаворыць, што калі дзяўчынцы споўнілася шэсць месяцаў, яе маці Ганна паставіла малую на зямлю, каб паглядзець, ці можа яна стаяць. Марыя зрабіла сем крокаў і вярнулася ў рукі маці. Таму Ганна вырашыла, што дачка не будзе хадзіць па зямлі, пакуль яе не ўвядуць у храм.
Аднак пасля дасягнення паўналецця яна не магла застацца пры храме, згодна з традыцыяй ёй быў абраны муж, вылучаны з калена Давыда, – састарэлы Іосіф . Потым было шмат падзей: Звеставанне, Сустрэча з Лізаветай, Нараджэнне Ісуса. Хрыстос даручыў сваю маці ў апеку апосталу Іяану.
Лічыцца, што яна "паснула" у Ерусаліме або Эфесе праз 12 гадоў пасля ўзышэсця Хрыста. Хрысціяне вераць, што яна не памерла, а была ўзнесена да Бога.
На шляху маўчання (Кляштар картузаў у Бярозе)
altМястэчка Бяроза, якое здаўна існавала на Берасцейшчыне на рэчцы Ясельда, атрымала азначэнне "Картузкая" зусім не таму, што расейскі палкаводзец А. Сувораў павесіў свой "картуз на бярозу", а дзякуючы заснаванню ў ім ў 1648 г. на фундацыю падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі адзінага ў Вялікім княстве Літоўскім кляштара каталіцкага ордэна картузаў.
Адзін з самых старажытных манаскіх ордэнаў картузаў быў заснаваны св. Бруна з Кёльна ў 1084 г. Назва ордэну паходзіць ад злацінізаванай назвы першай сядзібы картузаў – La Grande Charteuse (лац. Carhusia), размешчанай каля Грэнобля ў Францыі. Статут ордэна быў самы строгі з усіх каталіцкіх ордэнскіх статутаў. Ён патрабаваў абетаў самотнасці і маўчання, а таксама пастаяннага духоўнага ўдасканальвання і фізічнай працы. Картузы актыўна займаліся перапісваннем кніг, садаводствам і вырошчваннем лекавых траваў. Статут картузаў прадугледжваў строгія абмежаванні ў ежы: не дазвалялася ўжываць тлушч і алей. У кляштарах не было агульных трапезных, бо кожны манах атрымліваў праз адтуліну ў дзверы прадукты і сам гатаваў сабе ежу, каб ні з кім не сустрэцца. Выходзіць за межы кляштара маглі толькі манахі, якія займаліся яго гаспадарчым забеспячэннем.
На сённяшні дзень на свеце ёсць 24 кляштары картузаў (мужчынскія і жаночыя), пераважная большасць якіх знаходзіцца ў Еўропе.
Асаблівая суровасць правілаў ордэну картузаў зрабіла яго нешматлікім і ў пэўным сэнсе элітным: можа таму буйнейшы беларускі магнат Казімір Леў Сапега вырашыў фундаваць 10 тысяч чырвоных злотых на пабудову кляштара картузаў у яго ўладаннях на незаселенным месцы каля мястэчка Бяроза, на тым месцы, дзе некалі адбылося цудоўнае з'яўленне драўлянага крыжа з выявай распятага Хрыста. Таму і кляштар атрымаў назву св. Крыжа.
Пабудовай кляштара картузаў у Бярозе кіраваў італьянскі архітэктар, імя якога застаецца пакуль невядомым. Яму ўдалося рэалізаваць грандыёзны праект, у выніку якога ўзнік цэласны архітэктурны ансамбль у стылі барока: касцёл, кляштар, які прадугледжваў спецыфіку маўклівага ордэна і таму закладаў паасобныя жылыя памяшканні (эрэмы) для манахаў-самотнікаў, а таксама аптэку, палац Сапегаў і гаспадарчыя карпусы. Пазней быў закладзены сад і разбіта сажалка.
Касцёл кляштара картузаў быў асвечаны ў 1666 г. – у год, калі памёр яго фундатар К.Л. Сапега, які пахаваны ў паўднёвай сцяне храма. У той жа час завяршылася будаўніцтва замкнёнай часткі манастырскага комплексу.
Гісторыя не шкадавала кляштар: шматлікія войны і разбурэнні суправаджалі кляштар на працягу ўсіх яго дзеяў ажно да яго касацыі ў 1831 г. Юрыдычным повадам для закрыцця кляштара стаў удзел трох манахаў у нацыянальна-вызвольным паўстанні. Уся маёмасць перайшла Расейскай імперыі, манахі былі разасланы па іншых манастырах, а месца стала называцца "Бярозай Казённай".
З таго часу кляштар усё болей прыходзіў у заняпад. Гэты выдатны помнік нацыянальнай культуры выкарыстоўваўся пад размяшчэнне расейскага пяхотнага палка, на злом, пад канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных, аўтагаспадарку вайсковай часткі і ўрэшце пад свінарнік. Увесь гэты час у сутарэннях касцёлу пакоіліся рэшткі законнікаў, 15 трунаў роду Сапегаў і 42 труны свецкіх асобаў.
Успенская царква, 1865-70 гг., Сялец
altУспенская царква была пабудавана ў другой палове XIX ст. Месцам яе ўзвядзення стаў разбураны падчас падаўлення паўстання К. Каліноўскага касцёл, асвечаны ў 1471 г.
Працэс разбурэння каталіцкага храма і будаўніцтва на яго месцы праваслаўнай царквы адлюстраваны ў двух паданнях, якія перадаюцца жыхарамі сяла з пакалення ў пакаленне. Першае гаворыць пра тое, што мясцовы ксёндз быў звязаны з паўстанцамі. Калі рускія ўлады яго выкрылі, ён пайшоў на адчайны крок: зачыніўся ў храме, падпаліў яго і згарэў разам з ім. У другім паданні распавядаецца, як па заданню рускіх уладаў мясцовы жыхар, заўважаны ў крадзяжы снапоў з ксяндзовага поля, дзеля непрыцягнення да адказнасці, згадзіўся схаваць пад страху хаты ксяндза пару стрэльбаў. Пасля гэтага ксёндз быў арыштаваны і павешаны, а храм разабралі. Але паўстанцы вельмі жорстка адпомсцілі за гэта.
Новая царква стала ўзводзіцца тады ж – у 1863–64 гг. Трэба адзначыць, што пасля паўстання 1863 г., калі знішчаліся касцёлы і эканамічна руйнаваліся шляхецкія сем'і, па загаду генерала Мураў'ёва на Беларусі пачалося будаўніцтва новых і рэстаўрацыя старых праваслаўных храмаў за кошт так званай "кантрыбуцыі". Таму іх сталі называць "мураўёўкамі". Знешні выгляд усіх гэтых цэркваў вельмі падобны. Завяршылася ж будаўніцтва сялецкай царквы ў 1870 г.
Сабор святога Аляксандра Неўскага, 1857-80 гг., Пружаны
Сабор Аляксандра Неўскага - помнік каменнага дойлідства 60-х гадоў XIX ст. Архітэктура яго ўвабрала ў сябе прыёмы і altформы, які пайшоў да гэтага часу класіцызм. Такі кансерватызм у архітэктуры праваслаўных храмаў, асабліва ў правінцыйных гарадах і мястэчках краіны, вызначаўся архітэктурна-будаўнічай палітыкай Сінода.
Новую царкву сталі будаваць у гонар Святога Аляксандра Неўскага — заступніка Расіі і "храніцеля яго Імператарскай Вялікасці". Цэгла на будаўніцтва храма бясплатна паступала з канфіскаванага ў В. Швыкоўскага цагельнага завода ў Палянове і недабудаванага касцёла. Улады накіравалі на будаўніцтва сабора 26 тыс. рублёў. Сродкі на будоўлю збіраліся ў многіх гарадах імперыі — Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Адэсе і інш. Кожны сялянскі двор Пружанскага павета абавязаны быў здаць па 50 капеек і адправіць мужчыну на адзін дзень на будаўніцтва храма.
З завода пецярбургскага купца Пікіева ў Пружаны прывезлі 9 званоў, маскоўскае купецтва падаравала рызніцу, свяшчэнны посуд, кнігі для богаслужэння і шмат царкоўнага начыння. Адкрыццё сабора Аляксандра Неўскага адбылося 20 кастрычніка 1866 г.
У пружанскім саборы зараз знаходзіцца старажытная ікона тыпу "Распяцце" — "Пружанская Галгофа" ("Багародзіца, якая плача"), якая лічыцца цудатворнай. У 1934 г. з абразом адбыўся цуд: з вачэй Богамаці сталі выцякаць слёзы. Штогод з таго часу 9 красавіка і ў пятніцу Вялікоднага тыдня вернікі адзначаюць свята ў гонар гэтай іконы.
Усе элементы і дэталі сабора адрозніваюцца высокім майстэрствам выканання. Храм уяўляе сабою трохнефавуюую кампазіцыю з развітай апсідай, якая завяршаецца светлавым барабанам з купалам. Сярэдні неф значна больш бакавых і перакрыты цыліндрычным зборам (бакавыя – крыжовымі зборамі). Важнай часткай сабора з'яўляецца званіца, якая ўзвышаецца ў яе галаўной частцы над уваходам. Зараз яна – вышынная дамінанта, своеасаблівы арыецір.

Информация о фирме

Туристическая фирма "Мерцана" - интересные и познавательные экскурсии по Беларуси

  • Tel: +375 29 788 40 14
  • Email: mercana.travel@gmail.com
  • viber, whatsapp, telegram: +375 29 788 40 14

Отзывы клиентов на главной

Top
We use cookies to improve our website. By continuing to use this website, you are giving consent to cookies being used. More details…